Мікраэлементы

Галоўнай крыніцай мінеральных рэчываў для сельскагаспадарчых жывёл з'яўляюцца кармы расліннага паходжання. Але паколькі мінеральны склад кармоў нясталы, іх колькасць у  рацыёне не забяспечвае фізіялагічную патрэбу жывёл у макра-,  мікраэлементах і вітамінах. Арганізм жывёл і раслін складаецца з вады, арганічных і мінеральных рэчываў. Абменныя працэсы ў арганізмах жывёл працякаюць пры непасрэдным узаемадзеянні арганічных і мінеральных злучэнняў.  Мінеральныя элементы ўваходзяць у склад складаных  арганічных злучэнняў, што выконваюць розныя фізіёлага-біяхімічныя функцыі. Макра- і мікраэлементы выконваюць важную ролю ў працэсах паглынання пажыўных рэчываў са стрававальнага тракта і іх засваенні, забяспечваюць нармальныя ўмовы жыццядзейнасці. Без іх немагчымы нармальны  рост і развіццё жывёл, яны бяруць удзел у многіх біяхімічных ператварэннях арганізма. Нястача ці лішак асобных элементаў у рацыёне прыводзіць да зніжэння прадуктыўнасці, пладавітасці, пагаршэння выкарыстання пажыўных рэчываў, выклікае захворванні.