Проса (Panicum miliaceum)

Проса (Panicum miliaceum) з'яўляецца не толькі крупяной культурай, але і каштоўнай крыніцай корму для жывёлагадоўлі. Увядзенне ў рацыён буйной рагатай жывёлы зялёнай масы, сіласу ці монакарму проса спрыяе павелічэнню надояў і паляпшэнню смакавых якасцяў малака. Зялёная маса проса пераўзыходзіць па якасці зялёную масу кукурузы, магар, сорга і суданку; у 1 кг утрымваецца 0,2-0,4 кармавой адзінкі і 17-25 г страўнога пратэіну. Час прыбірання проса на зялёную масу настае пад канец ліпеня, калі яшчэ не збіраюць кукурузу на зялёны корм. Такім чынам, гэта запаўняе акно паміж шматгадовымі травамі і кукурузай. Збіраць проса на зялёны корм можна з ліпеня па кастрычнік, змяняючы пры гэтым тэрміны высеву. У паржышчавых пасевах проса можа даваць ураджай зялёнай масы 110-150 ц /га. Сена гэтай культуры лепш сена з аўса, сорга, кукурузы ці цімафейкі, яно ўтрымвае 0,52 к. адз. у 1 кг карма. Прасяная салома, што можа займаць у структуры кармавых сумесяў 50 % , утрымвае ў сярэднім у 1 кг 0,4 к. адз. Высокая якасць саломы абумоўлена яшчэ і тым, што пры прыбіранні на збожжа лісце і сцёблы застаюцца часткова зялёнымі, прыдатнымі да сіласавання. Прасяную луску дамешваюць да камбікармоў, прасяная полавая па пажыўнасці трохі саступае аўсянай, але пераважае пшанічную, ячную і жытнёвую. У муцэ, атрыманай падчас перапрацоўкі проса, утрымваецца 0,92 к.адз. і 85 г страўнога бялку. Высакарослыя гатункі кармавога проса здольныя даваць па 30-37 т/га зялёнай масы і 7-9 т/га сена, што на 50-80 % больш, чым у гатунках звычайнага проса і на 40-50 % больш, чым у чумізы, магар і аўса. Усё гэта даказвае перспектыўнасць выкарыстання проса ў якасці кармавой культуры для задавальнення патрэб жывёлагадоўлі.