Пайза (Echinochloa frumentacea)

Пайза, ці Яжоўнік хлебны, ці Японскае проса (Echinochloa frumentacea) — від травяністай расліны роду Яжоўнік ( Echinochloa ) сямейства Злакавыя, ці Мятлікавыя ( Gramineae ) - аднагадовая расліна, з добра развітай махрыстай каранёвай сістэмай. Пайза вільгацелюбівая і цеплалюбівая расліна, спагадная на ўгнаенне і абвадненне. Норма высеву насення каля 25 кг/га. На зялёны корм і муку расліны скошваюць у перыяд вымётвання, на сілас — на 1 тыдзень пазней, на збожжа — пры пабурэнні большай часткі мяцёлак. Пайза — зерневая, кармавая і тэхнічная расліна. Дробнае збожжа дае крупы тыпу проса, з'яўляючыся ежай беднякоў у Азіі. На Далёкім Усходзе выкарыстоўваецца карэйскім насельніцтвам як хлебная расліна. Збожжа прыдатнае для атрымання спірту, на корм хатняй скаціне (свінням) і птушцы. У ЗША як фуражнае дае 8 ураджаяў у год. Атрымваюць 400—600 ц/га зялёнай масы, ці 150 ц/га сена, ці да 30 ц/га збожжа. Зялёная трава, сена і салома ахвотна есца буйнай рагатай скацінай і коньмі. Салома і зялёная трава выдатна сіласуюцца. Пажыўная каштоўнасць сіласу і саломы вышэй па ўтрыманні кармавых адзінак і ніжэй па колькасці бялку,які пераварваецца, ў параўнанні з просам і аўсом. У 100 кг зялёнай масы 12,5 к. адз. і 1,6 кг страўнога пратэіну, у сене адпаведна 60,5 і 6,9, у збожжы — 92,7 і 10,5.