Кастрэц безасцюковы (Bromus inermis)

Кастрэц безасцюковы (Bromus inermis) - шматгадовая карэнішчавая, верхавая, рыхлакуставая трава. Сцябло 60-100 см вышынёй, высока аблісцены. Штогадовае аднаўленне вегетатыўных парасткаў пачынаецца ў кастрэца пад канец красавіка - пачатку мая. У гэты ж перыяд пачынае фармавацца і суквецце. Карэнішчы доўгія, пруткія, даюць шматлікія парасткі, каранёвая сістэма паглыбляецца да 1,5-2 м. Выкарыстоўваецца ў травасумесях для сенажацяў, паш, сенажу ў сумесі з люцэрнай, а таксама як задзірваніцель на магістралях і адхонах. Добра пераносіць вытоптванне. Утварае выраўнаваныя, без купін, але не густыя травастоі.  Добра з’ядаецца ўсімі відамі скаціны.  Ураджай сена складае ад 12 ц/га на засушлівых пляцоўках да 50 ц/га і больш на паплавах, забяспечаных вільгаццю; у культуры ўраджайнасць сена дасягае 135 ц/га. У 100 кг сена кастрэца ўтрымваецца 57,2 карм. адз. і 5,9 кг засвойванага пратэіну.